zorka-trenazhorka / Нашчадак роду Сапегаў: “Што? Мяне ў палац да дармаедаў Радзівілаў? Не паеду!”

Напісала тэкст для "Рэгіянальнай газеты".

Тым, хто ганарыцца сваёй Бацькаўшчынай і сваімі продкамі, мяркую, будзе цікава. 


Як добра, што здараюцца ў жыцці сустрэчы, пасля якіх разумееш, якое шчасце было нарадзіцца на гэтай зямлі, зваць сябе беларускай.
Так адбылося пасля сустрэчы з паэтам Міхасём Скоблам на занятках курсаў “Мова Нанова”,  дзе ён прэзентаваў  кнігу, у якой выступіў рэдактарам: “Гісторыя Сапегаў. Жыццяпісы. Маёнткі. Фундацыі”.
– Калі народзіцца новы Караткевіч, які захоча апісаць жыццё Сапегаў, то ён смела можа скарыстацца гэтай кнігай, дзе жыццё самых знакамітых прадстаўнікоў гэтага роду распісанае не тое, што па днях, а нават па гадзінах, – расказаў Міхась Скобла.
У кнізе апісваецца жыццё 85 прадстаўнікоў роду Сапегаў. Дзіўна, праўда? Мы больш-менш ведаем аднаго – канцлера ВКЛ Льва Сапегу, а тут аж 85!
І гэта не сухія біяграфічныя звесткі пра гетмана Казіміра Яна або генерала артылерыі і ўдзельніка паўстання 1794 года Францішка, мецэната паўстання 1830 года Яўстаха Каятана ды іншых, а такое падрабязнае апісанне, што дзіву даешся.
Напрыклад, Міхась Скобла расказаў, чаму на вокладцы кнігі не Леў, а Францішак.
– Францішак Сапега ў 21 год быў ужо генералам літоўскай арміі, быў паплечнікам Тадэвуша Касцюшкі. Але галоўная прычына, чаму ён скарыў маё сэрца і  трапіў на вокладку кнігі,  у тым, – кажа спадар Міхась, – што нас з Францішкам Сапегам яднае любоў да мястэчка Дзярэчын. У сваіх успамінах Францішак пісаў: “Я аб’ездзіў шмат краін. У Лондане мне было сыра, у Лісабоне – горача, у Парыжы тлумна, у Варшаве няма з кім пагуляць у карты. І толькі ў Дзярэчыне я знаходжу ўсё тое, да чаго ляжыць душа”.

  • Прататыпам галоўнага героя кнігі французскага пісьменніка Эжэна Сю “Парыжскія таямніцы” барона Геральштайна быў Францішак Сапега. 


А пасля адбылося знаёмства Міхася Скоблы з апошнім прадстаўніком роду Сапегаў – Яўстахам Севярынам Сапегам, які ва ўзросце 83 гадоў наведаў Беларусь.

 
(Фота крыху скажонае, але відаць, што самы задаволены дзядзька з караваем і ёсць апошні князь Сапега)

Адбылося гэта ў 1998 годзе.
– Мы з маім сябрам Валянцінам Дубатоўкам, шчыра кажучы, паўжартам адправілі ў Кенію тэлеграму Севярыну Сапегу. Адрас знайшлі ў Польшчы, у Акадэміі навук. А ўжо праз тры тыдні сустракалі князя Сапегу на чыгуначным вакзале ў Гродне.
Яўстах Севярын Сапега разам са сваім бацькам, тагачасным міністрам замежных спраў пры Пілсудскім, быў вымушаны бегчы з Беларусі ў 1939 годзе.
– Прыйшлі саветы, – расказвае Міхась Скобла, – сям’ю Сапегаў схапілі і адправілі на Лубянку, прыгаварылі да расстрэлу. І толькі дзякуючы таму, што бацька Яўстаха Севярына быў асабіста і добра знаёмы з Чэрчылем, які паслаў тэлеграму Сталіну,  сям’ю Сапегаў выпусцілі з турмы.
У Кеніі Яўстах Севярын быў паляўнічым, арганізатарам сафары. І кнігу ўспамінаў пра сваю сям’ю пісаў у намёце, за якім рыкалі львы. А калі прыехаў у Беларусь, перадаў сваю кнігу Міхасю Скоблу са словамі:
 
– Я хачу, каб кніга была выдадзеная на мове таго краю, за які 500 гадоў са зброяй у руках змагаліся мае продкі.


Калі князь прыехаў у Беларусь, ён даволі жорстка адказаў на прапанову наведаць Нясвіж.
– Мы ехалі з Гародні ў Дзярэчын, але я ж падумаў, трэба неяк паказаць князю Беларусь і прапанаваў: “Княжа, можа, заедзем у Радзівілаўскі палац у Нясвіжы?”
– Што? – абурыўся князь, – калі трэба было бараніць Айчыну, тыя дармаеды Радзівілы гарэлку пілі і на мядзве­дзях каталіся. А вы мне прапаноўваеце ехаць да іх! Не паеду!

Князь, вядома, меў права на такую рэакцыю, бо, па-першае, гэта суперніцтва двух вялікіх родаў, а па-другое, вядомы факт, што ў 1634 годзе, калі ішла вайна з Масковіяй, Сапегі за свае ўласныя грошы трымалі цэлае войска Рэчы Паспалітай.
Таму князя павезлі адразу ў Дзярэчын, гэта невялічкае мястэчка на Зэльвеншчыне, дзе знаходзілася асноўнае радавое гняздо Сапегаў.
Калі князя сустракалі хлебам-соллю, на касцёле зазваніў звон, сапегаўскі, 1717 года. І князь, узняўшы галаву, сказаў:
– Ён мяне пазнаў.

Князь хацеў адвезці ў Афрыку хоць цаглінку з былога палаца Сапегаў, але маёнтак разабралі ўшчэнт.
Затое, расказвае Міхась Скобла, у дзярэчынцаў да гэтага можна ў дамах пабачыць кафлю з сапегаўскім гербам, дзверцы ад печы, клямкі да дзвярэй.
А яшчэ спадар Міхась  успамінаў, як шмат ведаў і помніў князь пра сваіх продкаў.
– Ён гаварыў і гаварыў з намі, увесь час нешта расказваў і прыгадваў. І пра свайго пра­прадзеда Яўстаха Каятана Сапегу, у якога была мянушка Паўстанец, і пра тое, як у 1830-х гадах  рабаваліся маёнткі Сапегаў. У Сапегаў на Беларусі былі 72 фамільныя маёнткі.
– Інакш як рабаваннем гэта не назавеш.
 Усе карціны, старадрукі, посуд, нават фіранкі з карнізамі вывозіліся ў Расійскую Імперыю.
 Але вось што цікава, каб Яўстах Каятан напісаў “чалабітную” на імя манарха Мікалая, то, канешне ж, маёмасць бы пакінулі. Але якую высокую годнасць мелі Сапегі. Не папрасілі, не прынізілі сябе.
Сёння ўсё багацце Сапегаў захоўваецца ў Эрмітажы ў Пецярбургу.
Карціна Паола Веранэзе “Пакланенне трох цароў”, якая вісела ў Дзярэчыне,  цяпер каштуе мільёны долараў, вісіць у Эрмітажы. І, на жаль, вярнуцца ў Беларусь у яе шанцаў амаль няма. Бо ў Расіі прыняты закон, па якім нічога з культурнай спадчыны, з каштоўнасцяў,  не можа быць вывезена за мяжу.
А яшчэ цікава было даведацца, што Марта Скаўронская, будучая  расійская царыца Кацярына І, дачка слугі Сапегаў нейкага Скаўрона, які збег у Маскву пасля нейкай заварухі ў Беларусі.
І што Францішак Сапега, калі разводзіўся са сваёй жонкай, падарыў ёй горад Высокае і выдаў замуж за свайго далёкага сваяка Паўла Сапегу.
І што Сапегі яшчэ ў 17 стагоддзі называлі сваіх дзяцей беларускімі імёнамі: Алесямі і Міхасямі, Тэклямі і Анелямі і аддавалі дзяцей на дзядзькаванне.
Напрыканцы сустрэчы Міхась Скобла ўспомніў гісторыю, калі ён у 70-х гадах прыехаў у касцёл у Дзярэчыне, які тады быў у заняпадзе, заўважыў на падлозе пліты з нейкім надпісам на лаціне.
– Хапіла тады розуму перапісаць той надпіс і папрасіць перакласці яго. Бо калі пачалася рэстаўрацыя касцёла, падлогу залілі 20-сантыметровым пластом бетону разам з тымі плітамі і надпісамі. Цяпер да мяне звяртаўся ксёндз з просьбай паказаць месца, дзе былі гэтыя пліты, але хіба што засталося пад такім пластом бетону?
А напісаныя на гэтым помніку былі наступныя словы, якія гучаць, як барочны верш:
“Юзафу Сапегу, дыяцэзіяльнаму кад’ютару Віленскага біскупа, рэферэндарыю Вялікага Княства Літоўскага, роднаму дзядзьку дзеля заслужанага ўшанавання, Міхалу Сапегу, пад­канцлеру Вялікага Княства Літоўскага, найлюбімейшаму дзядзьку, сэрца якога тут ляжыць, Казіміру Сапегу, бацьку найлепшаму, паручніку войска Вялікага Княства Літоўскага, кавалерам ордэна Белага Арла, мужам, аздобленым усялякімі цнотамі за Ра­дзіму і дом свой. Князь Аляксандр Сапега, граф Учарэі, Высокім, Дзярэчыне, ваявода полацкі, польны гетман Вялікага Княства Літоўскага, кавалер ордэна Белага Арла і Святога Станіслава паставіў гэты помнік”.
 
  • Lapka, 18.01.2018 17:38 #

    Очень интересно!
    ответить на комментарий
  • Mirax, 18.01.2018 20:48 #

    Колькі мы страцілі...
    ответить на комментарий
  • Zveroboy, 19.01.2018 21:41 #

    Сёння ўсё багацце Сапегаў захоўваецца ў Эрмітажы ў Пецярбургу.
     Ну дык оне за это и получили по самое не могу. Жаль, что не поняли за что. И что самое печальное - и сейчас не понимают. Бесследно ничего не проходит.  Закон бумеранга) Идеалы миролюбивы - история жестока.  
    ответить на комментарий
  • Akisun, 20.01.2018 13:55 #

    Спасибо! Очень интересно!
    ответить на комментарий
  • ushachy, 20.01.2018 16:29 #

    У свой час аналізуючы становішча вакол скрадзеных скарбаў Сапегаў Адам Мальдзіс прыгадаў вось гэты сьпіс з найбольш каштоўных мастацкіх твораў, што прысабечылі макшанскія акупанты:  “ "Св. Иероним в пуще" Франческо Барбиери;   "Поклонение трех волхвов", "Свадьба в Кане Галилейской" и "Между пророком и фундатором" Паоло Веронезе;   "Предательство", "Волшебник и волшебница" венецианской школы;   "Апостол Петр" и "Давид" болонской школы;   "Вечер" Людвига Кабелла;   "Шьющая голландка" Габриела Метсу;   "Дама во время туалета" Каспара Нетчера;   "Пустая кружка" Адриана ван Остаде;   "Ветряная мельница" Саломона ван Рейсдела;   два "Пейзажа" и "Утро" Якоба ван Рейсдела.”  Агульная колькасьць толькі твораў жывапісу складае сама меней 287 адзінак.
    ответить на комментарий
Ответить автору поста
zorka-trenazhorka
65 постов
Последние комментарии
Bosco
Dirndl учора ў 20:08
Dirndl учора ў 20:07
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}